БЕЛАРУ́СКАЕ РА́ДЫЁ за мяжой. Упершыню перадачы на бел. мове пачалі выходзіць у 1928—29 у Чыкага

(ЗША, засн. Я.Варонкам, адноўлены ў 1940-я г. Я.Тарасевічам),

з 1949 на радыё Ватыкана (засн. П.Татарыновічам). У 1954 створана бел. рэдакцыя на радыё «Вызваленне» ў Мюнхене (кіраўнік В.Жук-Грышкевіч; з 1959 наз. «Свабода», з 1995 у г. Прага, кіраўнік М.Іваноў). З 1958 на Мадрыдскім нац. радыё (Іспанія) пачаліся штодзённыя бел. перадачы. На бел. мове выходзілі таксама перадачы ў ЗША (у гарадах Дэтройт, Кліўленд, Нью-Йорк), у Канадзе (Лондан, Садбур, Таронта, Оўквіл), у Аўстраліі (Брысбен, Мельбурн), у Вялікабрытаніі, Германіі, Аргенціне, Бельгіі і інш. Існуюць (1996) бел. праграмы на радыёстанцыях «Свабода», «Нёман» (г. Чыкага, ЗША, кіраўнік Н.Жызнеўскі), «Рэха Масквы» (г. Масква, Расія), у Ватыкане, у гарадах Перт і Сідней (Аўстралія, кіраўнікі М.Раецкі, М.Лужынскі), Беласток (Польшча, наз. «Пад знакам пагоні»), Вільнюс (Літва, «Беларускае слова на хвалях Літвы»), Львоў (Украіна, «Весткі з Беларусі»), на нац. радыё Польшчы, Латвіі, Эстоніі і інш.

А.С.Ляднёва.

т. 2, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)